ЭРЫВА́НСКАЕ ХА́НСТВА, Ерэванскае ханства,
дзяржава на тэр. Арменіі ў 1604—1828, васал Персіі (Ірана). Цэнтр — г. Эрывань (Ерэван). Кіравалася перс. намеснікам (беглербегам), пасада якога з сярэдзіны 18 ст. была спадчыннай. Пануючыя вярхі Э.х. складалі перс. ханы і бекі, буйныя арм. землеўладальнікі; карысталася вял. аўтарытэтам і мела значныя зямельныя ўладанні Арм. апостальская царква. Насельніцтва моцна цярпела ад амаль няспынных тур.-перс. войнаў. У 18 ст. супраць перс. панавання ўзмацнілася барацьба армян Э.х., у якой яны апіраліся на падтрымку Грузіі, потым Расіі. У час рус.-іран. вайны 1826—28 рас. войскі пад камандаваннем ген. І.Ф.Паскевіча ў кастр. 1827 занялі Эрывань. Паводле Туркманчайскага дагавора 1828 Э.х. далучана да Рас. імперыі і ўвайшло ў склад Арм. вобласці (з 1849 Эрыванская губ.).
т. 18, кн. 1, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)